РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

галіна архітэктуры, якая займаецца прасторавай арганізацыяй месцаў адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Уключае праектаванне і ўзвядзенне будынкаў, комплексаў, цэнтраў, зон адпачынку і інш. Рэкрэацыйныя прасторы ствараюцца на аснове захаваных каштоўных прыродных ландшафтаў. Сучасная Р.а. развіваецца ў функцыян. і атрактыўным кірунках. Функцыян. кірунак мае просты лаканічны характар, падначалены макс. зручнасці ў выкарыстанні і цеснаму кантакту чалавека з прыродай (тэрасы, балконы, лоджыі, раскрыццё інтэр’ераў у навакольны ландшафт і г.д.). Атрактыўны кірунак арыентаваны на змену ўражанняў, звыклых абставін: пошук эфектных запамінальных вырашэнняў, стварэнне выразных арх. форм, незвычайных кампазіцый. У Р.а. пашыраны матывы нар. дойлідства, што дазваляе ствараць нац. каларыт забудовы. Важнае значэнне надаецца ўзаемасувязі арх. і прыродных прасторавых форм, выкарыстанню ў вонкавай аддзелцы мясц. буд. матэрыялаў прыроднага паходжання ці блізкіх да іх па фактуры і колеры. Пры ўзвядзенні аб’ектаў Р.а. выкарыстоўваюцца прыёмы ландшафтнай архітэктуры і ландшафтнай скульптуры.

Г.​А.​Патаеў.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)